21 сакавіка – Сусветны дзень паэзіі.

Дата: 21 марта 2022 в 17:40
127 просмотров

Падабаецца – што ж, пішы...
Вершы – гэта святло душы!
Г. Аўласенка

<address style="text-align: justify;">21 сакавіка – Сусветны дзень паэзіі. Свята адзначаецца з 1999 года па рашэнні ЮНЕСКА з мэтай «надаць новы імпульс і новае прызнанне нацыянальным, рэгіянальным і міжнародным паэтычным рухам». З нагоды гэтага дня традыцыйна праводзяцца літаратурныя сустрэчы і прэзентацыі кніг, ладзяцца творчыя конкурсы і паэтычныя акцыі.</address> <address style="text-align: justify;">Паэзія – гэта адзін з асноўных тыпаў мастацтва слова, эмацыянальна-вобразная вершаваная творчасць, якой уласцівы шырокае ўжыванне адмысловых слоўных вобразаў, настроенасць на яркія, прыгожыя, гарманічна выказаныя пачуцці і думкі. Геніяльны Леанарда да Вінчы называў яе «жывапісам, які чуеш», а нямецкі пісьменнік Іаган Гердэр «музыкай душы».</address> <address style="text-align: justify;">Лічыцца, што найстаражытнейшымі ў свеце паэтычнымі радкамі з’яўляюцца вершы-гімны, напісаныя ў XXIII стагоддзі да н. э. жрыцай Энхедуанай – дачкой акадскага цара Саргона. Увогуле ж людзі, якія прысвяцілі сваё жыццё складанню вершаў, вядомыя ў розных народаў свету з глыбокай старажытнасці. Яны звычайна жылі пры двары ўладара або вандравалі ад аднаго паселішча да другога і пад гукі пэўнага музычнага інструмента выконвалі ўласныя ці фальклорныя творы. Гэта – старажытнарускія баяны і гусляры, беларускія лірнікі, дудары і песняры, украінскія кабзары і бандурысты, старажытнагрэчаскія рапсоды і аэды, старажытнакельтскія барды, сярэдневяковыя нямецкія мінезінгеры і ваганты, армянскія гусаны, закаўказскія ашугі, сярэднеазіяцкія акыны і інш.</address> <address style="text-align: justify;">Пачынальнікам беларускай літаратурнай паэтычнай традыцыі з’яўляецца Францыск Скарына: у некалькіх яго прадмовах да біблейскіх кніг сустракаюцца вершаваныя радкі. Першым жа прафесійным паэтам, які пісаў на старабеларускай мове, лічыцца Андрэй Рымша, а першым творцам-эсперыментатарам – Сімяон Полацкі. У паэтычнай спадчыне апошняга можна сустрэць вершы, напісаныя ў выглядзе васьміканцовай зоркі, ромба, сэрца, серпанцінавай стужкі, крыжа.</address> <address style="text-align: justify;">Здабыткі старабеларускай паэзіі памнажаліся на працягу многіх стагоддзяў плёнам працы шматлікіх майстроў вершаванага слова. Найлепшым жа нацыянальным песнярам прысвойваецца ганаровае званне народнага паэта. Першымі народнымі паэтамі Беларусі сталі Янка Купала і Якуб Колас. Пазней гэтае званне атрымалі Пятрусь Броўка, Аркадзь Куляшоў, Максім Танк, Пімен Панчанка, Ніл Гілевіч і Рыгор Барадулін.</address> <address style="text-align: justify;">Сусветны дзень паэзіі – цудоўная нагода яшчэ раз пацешыць сваю душу і розум прыгажосцю вершаванага радка. Дастаткова проста ўзяць з кніжнай паліцы любімы томік… Чытайце найчасцей паэзію, бо яна, як сцвярджае Максім Танк, «вясёлкавы мост ад сэрца людскога да мары».</address> <address></address>
Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.